History / Гісторыя

Наш «Слуцак»

Марыя Ганько.

У 1966 г. Згуртаваньне набыло фэрму — там меркавалася разьмясьціць дом адпачынку для ўсіх беларусаў, каб зьбірацца ня толькі ў горадзе.

Камітэт на чале з інжынэрам У. В. Шапаравым знайшоў за 150 міляў на поўнач ад Таронта патрэбнае месца. 212 акраў зямлі, зь якой 80 акраў складала ворная, а рэшта — лес. Гэта была запушчаная старая фэрма з васьмю пакоямі, якая была зачынена гады з тры. Фэрма разьмяшчалася ў прыгожым месцы над вялікім возерам Манітовабінг, аднак вымагала вялікага рамонту. У сваім дакладзе на 50-я ўгодкі ЗБК у 1998 г. Кастусь Акула ў паэтычнай форме даў характарыстыку загараднага дому:

З аднаго боку — вялізнае рыбнае возера, зь іншага — пушча. Некалі, прыгадваецца, нават чорны мядзьведзь з той пушчы адведваў новых гаспадароў, а лес аблюбавалі бабры, што пабудавалі адпаведныя шчыльныя запруды навокал і ўтварылі возера. З гэтымі празорлівымі шкоднікамі цяжка было змагацца, але абхітрыў іх наш высокапачэсны ўладыка архіяпіскап Мікалай; ужываючы сваю палескую вынаходлівасьць і кемлівасьць, ён асушыў тое бабрамі створанае возера й выратаваў наш Слуцкі лес.

У «Слуцку» ёсьць сяньня некалькі катэджаў, а найбольш увыдатняецца сваёй велічай хароміна блізка возера (ці не таму, каб вудачку з вакна ў возера закінуць?). У старым будынку парафіяльнай часьці Слуцку пад дахам дружна навокал коміна жывуць кажаны, а ўнізе — рыбаловы .

Дзеля таго каб «Слуцак» стаў прыдатным для адпачынку, давялося шмат працаваць і даводзіць да ладу ўсё, пачынаючы ад сьценаў і канчаючы навакольлем. Мы гадамі езьдзілі туды ўсе разам, кожны працаваў як мог. Прырода надта нагадвала беларускія краявіды. Чыстае возера, чыстая рэчачка.